Апастыль
На падставе артыкулаў 2 і 3 Гаагскай канвенцыі, якая адмяняе патрабаванне легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў, ад 5 кастрычніка 1961 года, дакументы, якія выдаюцца дзяржаўнымі ўстановамі адной з краін-удзельніц Канвенцыі, з'яўляюцца сапраўднымі ў іншай краіне-удзельніцы без консульскай легалізацыі пры ўмове прастаўлення на іх апастыля.
Апастыль сведчыць сапраўднасць подпісу, якасці, у якой выступала асоба, якая падпісала дакумент, і, у належным выпадку, сапраўднасць пячаткі або штампа, якімі змацаваны гэты дакумент.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць аформіць апастыль праз дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь.
Гэта магчыма, калі дакумент, выдадзены ў Рэспубліцы Беларусь, знаходзіцца ў заяўніка за мяжой, а яго вяртанне ў Рэспубліку Беларусь выклікае складанасці.
У гэтым выпадку заяўнік звяртаецца ў дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову Рэспублікі Беларусь з арыгіналам дакумента, на якім варта праставіць апастыль, і выплачвае консульскі збор (35 еўра).
Пасля гэтага арыгінал дакумента па каналах дыпламатычнай пошты накіроўваецца ў галоўнае консульскае ўпраўленне Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе на яго прастаўляецца апастыль. Дакумент з апастылем па каналах дыпламатычнай пошты накіроўваецца ў адпаведнае дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову, дзе яго можа атрымаць заяўнік.
Тэрмін прастаўлення апастыля ў Рэспубліцы Беларусь складае 1 дзень з дня прад'яўлення дакумента, а пры неабходнасці правядзення спецыяльнай праверкі, запыту дакументаў і (або) звестак ад іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый – 15 дзён.
У той жа час з улікам неабходнасці перасылкі дакументаў у Рэспубліку Беларусь і назад агульны тэрмін для атрымання заяўнікам дакумента з прастаўленым на ім апастылем складае каля 2 – 3 месяцаў.
Тэрмін дзеяння апастыля — на тэрмін дзеяння дакумента, на якім прастаўляецца апастыль.